СО́МІК АМЕРЫКА́НСКІ, сомік карлікавы (Ictalurus, або Amiurus nebulosus),
рыба сям. кошак-самоў, або кашэчых самоў атр. сомападобных. Пашыраны ў вадаёмах Паўн. Амерыкі. Завезены ў 1885 у Зах. Еўропу, у 1935 у зах. вобласці Беларусі і Украіны. Рассяліўся пераважна ў вадаёмах Брэсцкай вобл. Жыве ў азёрах, рэках, сажалках, у т. л.забалочаных.
Даўж. 14—20 да 45 см, маса ад 45—100 г да 2 кг. Цела голае, крыху сціснутае з бакоў, ад жаўтаватага да цёмна-карычневага і чорнага колеру. Бруха светлае, белаватае. зрэдку плямістае. Ёсць альбіносы. Галава вял., шырокая. На сківіцах па 2 пары вусікаў. Неразгалінаваныя прамяні ў спінным, грудным і анальным плаўніках калючыя; ёсць тлушчавы плаўнік. Корміцца лічынкамі насякомых, дробнымі малюскамі, водарасцямі, маляўкамі, ікрой інш. рыб.